У той час:
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?
Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць.
Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні?
Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на сваю жывёлу, прывёз у заезд і паклапаціўся пра яго. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся пра яго. І як патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойніка?
Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі таксама.