Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства

У той час:

Калі Езус выганяў злых духаў, казалі некаторыя з натоўпу: Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў. А іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад яго знаку з неба.

Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Усялякае валадарства, якое падзялілася ў самім сабе, спусташаецца, і дом падае на дом. Калі ж і сатана раздзяліўся ў сабе, як устаіць валадарства ягонае? Вы ж кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. А калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. Калі ўзброены асілак пільнуе свой двор, у бяспецы маёнтак ягоны. Калі ж мацнейшы за яго нападзе і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідвае.

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то ходзіць па бязводных мясцінах, каб знайсці адпачынак, і, не знаходзячы, кажа: Вярнуся да свайго дому, адкуль выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою яшчэ сем духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там. І апошні стан гэтага чалавека становіцца горшым за папярэдні.