Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?
У той час Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:
Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.
Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.
Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.
Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.