Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Прыйшлі амалекіцяне і ваявалі з Ізраэлем у Рэфідыме. І сказаў Майсей Езусу Навіну: Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалекіцянамі; заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.

І зрабіў Езус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з амалекіцянамі. А Майсей, і Аарон, і Хур узышлі на вяршыню пагорка. Калі Майсей падымаў рукі свае, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў рукі свае, перамагаў Амалек.  Калі рукі Майсеевы ацяжэлі, тады ўзялі камень і падставілі яму, і ён сеў на ім, а Аарон і Хур падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.

І перамог Езус Амалека і народ ягоны выстрыём мяча. 


Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Хрысце Езусе. Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.

Заклінаю цябе перад Богам і Панам нашым Езусам Хрыстом, які будзе судзіць жывых і мёртвых, і перад прыйсцем Ягоным, і перад Валадарствам Ягоным: прапаведуй гэтае слова, настаўляй у час і не ў час, пераконвай, забараняй, заахвочвай з усёю доўгацярплівасцю і павучаннем. 


Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго.

Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне.

І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх.

Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?