Уявіце сабе чалавечы натоўп. Кожны нешта гаворыць, кожны штосьці патрабуе, кожны спяшаецца. Гул, мітусня, словы, якія перакрываюць адно адно. І сярод гэтага шуму — ёсць толькі адно Слова, якое не губляецца, не мяняецца, не старэе. Слова, якое стаіць, як скала сярод мора. Гэта — сам Хрыстус.
Ён — Слова, якое было на пачатку (пар. Ян 1,1). Слова, праз якое ўсё сталася і якое сёння звяртаецца да кожнага з нас. Але сэрца чалавека — гэта не спакойнае возера. Гэта складанае спляценне святла і цемры, веры і сумніву. Мы часта спрабуем гэтае Слова абысці, змякчыць, падмяніць. Бо яно для нас занадта праўдзівае. Яно ўдарыць у самую глыбіню душы. Яно падзяляе сэрцы — як кажа Пасланне да Габрэяў: «Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца». (Гбр 4,12).
У сённяшнім Евангеллі мы чуем гэтыя два галасы — і абодва яны жывуць у нас.
Першы — гэта голас злоснага абвінавачвання. Ён кажа: «Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула».
Гэта не проста памылка. Гэта спроба абвясціць святло цемрай, а дабро — злом. Гэта бунт сэрца, якое не хоча прызнаць, што перад ім — Бог. Бо прызнаць гэта значыць змяніцца, значыць дазволіць Святлу ўвайсці ў свае цені. А часам гэта балюча и каштоўна. І таму чалавек абірае лягчэйшы шлях: абвясціць святло падманам, а Божую сілу — злой.
Сённяшні свет падобны: сутыкнуўшыся з чымсьці сапраўдным, з жывой верай, якая патрабуе адказу, ён часта адмахваецца: «Гэта фанатызм, перабольшанне, не ад Бога».
Нягледзячы на ўсю сваю сучаснасць, нашы ўнутраныя механізмы абароны засталіся нязменнымі з часоў Евангелля. Мы баімся праўды, бо яна выкрывае нашу ўласную пустэчу.
Іншы голас — голас сумневу, які маскіруецца пад «разумнасць»: «Пакажыце нам знак з неба».
Уявіце: перад імі стаіць Езус. Ён уздымае сляпых, аздараўляе паралізаваных, супакойвае буру — і ўсё роўна гэтага мала.
Ім патрэбен яшчэ нейкі, асаблівы знак.
Як жа гэта блізка нам! Мы таксама, бачыўшы ў сваім жыцці ўсе цуды Божыя — само жыццё, прабачэнне, любоў блізкіх — працягваем чакаць нейкага асабістага «сігналу», знаку, каб нарэшце паверыць.
Але вера — гэта не вынік доказу. Гэта давер. Давер да таго, хто гаворыць, нават калі не ўсё разумееш. І гэты давер заўсёды мае цану.
Езус не адказвае на абвінавачанні гневам. Ён не перакладае адказнасць. Ён гаворыць спакойна, але выразна. « Калі ж і сатана раздзяліўся ў сабе, як устаіць валадарства ягонае?
Гэта — лагічны ўдар, які разбурае ўсе ілжывыя аргументы. Зло не можа быць крыніцай дабра. Цемра не можа стварыць святло. Валадарства дэманаў не трымаецца на любові, а на страху. А тое, што перамагае страх, не можа быць ягонай часткай.
Хрыстус адкрывае нам праўду пра Ягонае Валадарства: яно прыходзіць «пальцам Божым» — лагодна, але моцна. Гэта не валадарства сілы, а валадарства ласкі.
Кожны выгнаны дэман, кожнае аздараўленне, кожнае прабачэнне — гэта знак, што Божае Валадарства ўжо тут, што яно ўваходзіць у наш свет, як святло ўваходзіць у цемру.
Але ёсць умова: гэтае Валадарства патрабуе адкрытага сэрца. Не толькі ачышчанага, але і напоўненага.
І вось прыходзіць Езус да самага глыбокага вобразу — прыповесці пра вымецены дом.
«Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то ходзіць па бязводных мясцінах, каб знайсці адпачынак, і, не знаходзячы, кажа: Вярнуся да свайго дому, адкуль выйшаў».
І калі вяртаецца — знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Але — пустым.
Як часта мы трапляем у падобную сітуацыю! Мы раскайваемся, прымаем рашэнне пачаць усё спачатку, адкідаем тое, што нас разбурае. І вось, знешне ўсё выглядае добра. Душа наша, быццам вымецены пакой. Але калі ў гэты пакой не ўваходзіць Гаспадар – Бог – ён застаецца пустым.
А пустата не можа доўга заставацца нейтральнай. Яна заўсёды будзе кімсьці занятая. І калі не Богам – то тым, што ад Яго аддаляе.
Езус папярэджвае: злы дух вяртаецца, прыводзячы з сабой яшчэ сем, яшчэ горшых.
Бо калі сэрца чалавека не напоўнена Божай прысутнасцю, калі чысціня не перарастае ў любоў, калі вызваленне не вядзе да еднасці з Хрыстом – тады вера ператвараецца ў халодны маралізм, а духоўнае жыццё – у самадастатковасць. І ў такім стане нават звычайны спакуснік лёгка вяртаецца, каб заняць гэты «пусты дом».
У канцы Хрыстус кажа словы, якія нельга абмінуць:
«Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідвае».
Няма нейтралітэту ў духоўным жыцці. Мы альбо з Хрыстом, альбо супраць Яго.
Можна выглядаць «добрым чалавекам», але быць далёкім ад Бога. Можна быць «прыстойным», але пустым унутры. І менавіта ў гэтую пустату вяртаецца зло.
Таму сапраўднае хрысціянства — гэта не адмова ад зла, а актыўны выбар Хрыста. Не проста «не рабіць дрэннага», а рабіць дабро, якое напаўняе і перамяняе.
Быць са Хрыстом — гэта дазволіць Яму быць Панам майго ўнутранага дому. Гэта не лёгка, бо Ён прыносіць святло, якое паказвае нават пыл на падлозе. Але толькі гэтае святло сапраўды аздараўляе.
Сёння звернемся да Пана просячы, каб Ён дапамог нам не толькі ачысціцца ад усяго лішняга, але і напоўніцца Яго прысутнасцю. Каб Ён стаў нашым цэнтрам, нашым Словам, нашым Валадаром.
Няхай у нашых сэрцах не застанецца месца для халоднай абыякавасці. Няхай нашы дамы стануць прытулкам, дзе гарыць святло веры, дзе жыве Любоў і дзе ўзносяцца малітвы.
І калі зноў настане час выпрабаванняў, калі свет паспрабуе пераканаць нас, што дабро – гэта слабасць, а вера – толькі выдумка, няхай у памяці нашай застанецца адно непахіснае Слова:
Хрыстус.
Слова, якое здольна раздзяліць сэрцы. Але таксама – Слова, якое лечыць раны, асвячае душы і напаўняе іх сапраўдным жыццём.