«Ойча наш, каторы ёсць у небе…» – гэтыя словы, дадзеныя нам самім Езусам Хрыстом, з'яўляюцца асновай і фундаментам кожнай хрысціянскай малітвы. Яны вучаць нас давяраць Айцу, шукаць Яго волю і знаходзіць у Яго прысутнасці прабачэнне, любоў да бліжняга і ўнутраны супакой.
Кожны радок гэтай малітвы – гэта не проста словы, а прылада для духоўнага росту і злучэння з Богам.
Святы Францішак Асізскі разумеў гэта вельмі добра. Для яго гэтая малітва была не проста наборам слоў для механічнага паўтору, а дыялог з Богам, перажыванне любові, адчуванне даверу і вучоба пакоры. Ён не проста вывучаў малітву, а разважаў над кожным яе аспектам, адкрываючы для сябе і іншых глыбіню Божай любові і справядлівасці.
Свае глыбокія разважанні Францішак аформіў у «Expositio in Pater Noster». Гэты тэкст – не тэарэтычнае тлумачэнне, а практычнае навучанне малітве сэрцам. Ён паказвае, як кожнае слова малітвы можа стаць асновай для жыцця: для прабачэння, любові да бліжняга, для пабудовы еднасці з Богам.
Напісаны каля 1215–1220 гадоў, калі Францішак прысвячаў час адзіноце, гэты тэкст меў мэту навучыць братоў і ўсіх вернікаў маліцца так, каб «Ойча наш» стала не пустым гукам, а шляхам да ўнутранага супакою і жывых адносін з Богам.
«Expositio in Pater Noster» сёння нагадвае нам, што малітва – гэта не толькі словы, але і шлях жыцця. Гэты тэкст запрашае нас перажыць малітву не толькі розумам, але і сэрцам. Кожны радок «Ойча наш», паводле святога Францішка, можа стаць для нас крокам да глыбокага супакою, да любові і да адчувальнай прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Гэта заклік да асабістай сувязі з Айцом, дзе малітва становіцца святлом, што вядзе нас праз штодзённыя выпрабаванні.
О, найсвяцейшы Ойча наш — Стварыцель, Адкупіцель, Суцяшальнік і Збаўца наш! Ты, што ў нябёсах, у Анёлах і святых, асвятляеш іх да пазнання, бо Ты, Пане, ёсць святло; запальваеш да любові, бо Ты, Пане, ёсць любоў; напаўняеш іх благаслаўлёным шчасцем, бо Ты, Пане, ёсць найвышэйшае дабро, вечнае, ад якога паходзіць усялякае дабро і без якога няма дабра.
Няхай свяціцца Імя Тваё: няхай прасвятліцца ў нас веданне Цябе, каб мы пазналі шырыню Тваіх дабрадзействаў, даўгату Тваіх абяцанняў, вышыню Тваёй велічы і глыбіню Твайго суда.
Няхай прыйдзе Валадарства Тваё: каб Ты валадарыў у нас праз ласку і каб мы ўвайшлі ў Тваё Валадарства, дзе адкрыта сузіранне Цябе, дзе любоў да Цябе дасканалая, супольнасць з Табой благаслаўлёная, а радасць у Табе — вечная.
Будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi: каб мы любілі Цябе ўсім сэрцам, заўсёды пра Цябе думалі, усёй душой да Цябе імкнуліся, усім розумам да Цябе накіроўваліся, ва ўсім шукалі Тваю славу і ўсімі сіламі душы і цела накіроўваліся да Тваёй любові; і каб мы любілі бліжніх, як саміх сябе, усімі сіламі прыводзілі іх да Тваёй любові, радаваліся дабру іншых, як свайму, спачувалі іх няшчасцям і нікому не чынілі крыўды.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння: Улюбёнага Сына Твайго, Пана нашага Езуса Хрыста, дай нам сёння ў памяць, разуменне і пашану да любові, якую Ён да нас меў, і таго, што Ён дзеля нас сказаў, здзейсніў і адпакутаваў.
І адпусцi нам правіны нашы праз Тваю невымоўную міласэрнасць, праз мукі Улюбёнага Сына Твайго і праз заслугі і заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх Тваіх выбраных.
Як i мы адпускаем вiнаватым нашым: і калі не цалкам прабачаем, зрабі, Пане, каб мы прабачалі цалкам; каб мы сапраўды любілі ворагаў нашых дзеля Цябе і заступаліся за іх перад Табой, нікому не адплочвалі злом за зло і ва ўсім шукалі падтрымку ў Табе.
І не ўводзь нас у спакусу ні ў тайную, ні ў яўную, ні ў раптоўную, ні ў настойлівую.
Але збаў нас ад злога ў мінулым, сучасным і будучым.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.