Выбар сэрца: нянавісць, слабасць ці любоў да праўды
Сумленне, якое не дае спакою
Калі Ірад пачуў пра цуды Езуса, яго ахапіў жах: "Гэта Ян Хрысціцель! Ён уваскрос!"
Чаму? Таму што сумленне цара пасля забойства Яна не ведала спакою. Нават улада і багацце не змаглі заглушыць голас віны. Кожны з нас носіць у сабе гэты голас. Мы можам замкнуць яго ў "турме" сваіх апраўданняў, але рана ці позна ён закрычыць, як Ян з магілы.
Слабасць, якая забівае
Ірад хацеў забіць Яна, але "баяўся народа". А потым, на піры, ён даў клятву дзяўчыне... і забіў, каб "не зганьбіцца перад гасцямі". Двойчы слабы! Спачатку – перад грахом (распустай), потым – перад меркаваннем людзей. Колькі разоў мы робім зло не таму, што хочам, а таму, што "сорамна адмовіць", "што людзі падумаюць", "я ж абяцаў"? Але няма горшай клятвы, чым тая, што вядзе да граху. Лепей скажы: "Зграшыў перад Богам – пакаяўся!", чым: "Згубіў душу – каб выратаваць твар!"
Зло, якое трыумфуе (на першы погляд)
Дачка Ірадыяды прынесла маці галаву Прарока "на місе". Гэта – вобраз поўнага трыумфу зла: прароцтва змоўкла, невінаватасць высмеяна, злачынства апраўданае "клятвай". Але вось парадокс веры: калі вучні Яна "пайшлі расказаць Езусу", яны данеслі вестку пра смерць да Жыцця. І гэта Жыццё пацярпела паразу на Крыжы... каб навекі перамагчы смерць. Сёння зло часам трыумфуе, як Ірадыяда. Але ўсё, што мы прыносім Богу – нават боль і бездапаможнасць – Ён ператварае ў перамогу.
Які твой выбар?
Ірад, Ян, Ірадыяда, Дачка Ірадыяды – гэта чатыры сэрцы перад намі.
- Ірадыяда – сэрца, якое ненавідзіць праўду.
- Дачка Ірадыяды – абыякавае сэрца да праўды.
- Ірад – сэрца, якое ведае праўду, але не мае сілы ёй служыць.
- Ян – сэрца, якое любіць праўду больш за жыццё.